ВАЕ́ННАЯ АКАДЭ́МІЯ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

вышэйшая навуч. ўстанова. Засн. ў 1995 на базе Мінскага вышэйшага ваеннага інжынернага (з 1953) і Мінскага вышэйшага ваеннага каманднага (з 1980) вучылішчаў. Рыхтуе: камандзіраў падраздзяленняў мотастралковых, танкавых, паветрана-дэсантных, інжынерных, аўтамабільных, унутраных, пагранічных войск; камандзіраў падраздзяленняў тылавога забеспячэння, артылерыі, афіцэраў-псіхолагаў, лётчыкаў, ваен. інжынераў ракетных войск і артылерыі, войск сувязі, супрацьпаветранай абароны, ваенна-паветраных сіл. У 1995—96 навуч. г. ф-ты: камандна-штабны, агульнавайсковы, ракетных войск і артылерыі, сувязі і аўтаматызаваных сістэм кіравання, супрацьпаветранай абароны, інжынерных і аўтамаб. войск, авіяцыйны, падрыхтоўкі замежных ваеннаслужачых, унутр. войск Мін-ва ўнутр. спраў, пагранічных войск. Ад’юнктура з 1956, дактарантура з 1993. Савет па абароне кандыдацкіх дысертацый з 1967, доктарскіх — з 1978.

С.Л.Савік.

т. 3, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)